Навіны Навіны Руху

Актывіст дамагаецца пакарання чыноўнікаў Брэсцкага аблвыканкама за бяздзейнасць

Актывіст дамагаецца пакарання чыноўнікаў Брэсцкага аблвыканкама за бяздзейнасць

3237 Праглядаў Брэст
Каардынатар Руху «За Свабоду» ў Брэсце Дзяніс Турчаняк звярнуўся ў судовую калегію па грамадзянскіх справах Брэсцкага абласнога суда з прыватнай скаргай на вызначэнне суда Ленінскага раёна горада аб адмове ва ўзбуджэнні грамадзянскай справы.

Судом было адмоўлена ва ўзбуджэнні грамадзянскай справы па скарзе актывіста на бяздзейнасць Брэсцкага аблвыканкама, якое выяўлялася ў адмове распачаць вытворчасць па справе аб адміністрацыйным правапарушэнні ў дачыненні да намесніка старшыні Брэсцкага гарвыканкама Вячаслава Хафізава.

Дзяніс Турчаняк мяркуе, што суд Ленінскага раёна парушыў яго права на доступ да правасуддзя.

«Паколькі раней судом Ленінскага раёна мне было адмоўлена ва ўзбуджэнні справы ў парадку Працэсуальна-выканаўчага Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, а апошнім рашэннем і ў парадку Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, лічу, што судом парушана маё права на доступ да правасуддзя», — кажа Турчаняк.

Раней Турчаняк прасіў Брэсцкі аблвыканкам прыцягнуць Хафізава да адміністратыўнай адказнасці за адмову прадаставіць копіі рашэнняў Брэсцкага гарвыканкама.

Як лічыць каардынатар Руху, чыноўнік парушыў заканадаўства аб зваротах грамадзян, чым здзейсніў правапарушэнне, прадугледжанае арт. 9.13 КаАП РБ, а таксама прадугледжанае арт.9.6 КаАП РБ, бо, з’яўляючыся службовай асобай, незаконна адмовіў «у прадастаўленні грамадзяніну сабраных ва ўстаноўленым парадку дакументаў і матэрыялаў, непасрэдна закранаюць яго правы, свабоды і законныя інтарэсы».

Аднак аблвыканкам ухіліўся ад выканання сваіх абавязкаў па ўзбуджэнні адміністратыўнай вытворчасці і працэс не пачаў.

Турчаняк лічыць, што адмова Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта ва ўзбуджэнні вытворчасці па адміністратыўнай справе парушае ягоныя правы на разгляд звароту кампетэнтным дзяржаўным органам, які абавязаны быў правесці праверку па заяве.

«Аблвыканкам быў абавязаны ў рамках Працэсуальна-выканаўчага Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях растлумачыць ўдзельнікам адміністрацыйнага працэсу іх правы і забяспечыць магчымасць ажыццяўлення гэтых правоў, адначасова растлумачыўшы ускладзеныя на іх абавязкі і наступствы іх невыканання. Па выніках праверкі аблвыканкам абавязаны быў вынесці пастанову альбо скласці пратакол. Нічога гэтага выканана не было. Мяркую, што бяздзейнасць аблвыканкама мела на мэце адвесці Хафізава ад адказнасці», — заявіў актывіст.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны