Навіны Навіны Беларусі

Брэсцкія ўлады аддалі помнікі на перабудову?

Брэсцкія ўлады аддалі помнікі на перабудову?

2770 Праглядаў Брэст
Аблвыканкам на невядомых для грамадства ўмовах перадаў дамы № 43 і 45 па вуліцы Савецкая, якія маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, прыватнай фірме для пабудовы гатэлю.

«Пасля знаёмства з інвестыцыйным праектам „Адміністратыўна-гатэльны комплекспа вул. Савецкай у г. Брэсце“, становіцца зразумела, што помнікам пагражае знішчэнне», — сцвярджае каардынатар Руху «За Свабоду» Дзяніс Турчаняк.

Сапраўды, агульная плошча гісторыка-культурных каштоўнасцяў зараз складае 1308 квадратных метраў. Згодна ж з праектам, на іх месцы будзе пабудаваны гатэльны комплекс з агульнай плошчай 5500 кв. метраў — у чатыры разы болей! Без кардынальных зменаў помнікаў у дадзеным выпадку не абысціся. А гэта ідзе ўразрэз з Законам «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь».

Дзяніс Турчаняк, у адпаведнасці з артыкулам 3 Закона «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь», артыкуламі 34 і 54 Канстытуцыі накіраваў ліст старшыні Брэсцкага аблвыканкама з просьбай азнаёміць яго з інвестыцыйнай дамовай адносна перабудовы помнікаў пад гатэльны комплекс.

Намеснік старшыні аблвыканкама, спаслаўшыся на дэкрэт прэзідэнта ад 6 жніўня 2009 г. № 10, паведаміў актывісту, што не можа пазнаёміць яго з дэталямі інвестыцыйнай дамовы аблвыканкама з УП «МФБ Девелопмент». У тым жа лісце гаворыцца, што «адлічэнне грашовых сродкаў у мясцовы бюджэт за заключэнне дамовы не прадугледжана».

Няўжо ўлады проста падарылі інвестару гісторыка-культурную каштоўнасць, каб ён пабудаваў на яе месцы новы гатэль? Чаму акалічнасці ўгоды хаваюцца ад грамадскасці? На гэтыя пытанні дасюль Дзяніс Турчаняк адказаў ад уладаў не атрымаў.

«Лічу, што распараджацца маёмасцю краіны, тым больш гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі, выканаўчая ўлада павінна максімальна адкрыта і публічна. Я буду надалей патрабаваць абнародаваць усе абставіны і дэталі заключэння дамовы, няхай і праз суд,» — кажа брэсцкі каардынатар Руху «За Свабоду».

На думку Турчаняка, закрытасць у гэтым пытанні не столькі абараняе інтарэсы інвестара, колькі стварае прыдатную глебу для карупцыі, бо выводзіць дзейнасць уладаў з-пад грамадскага кантролю. Да таго ж, публічнасць і галоснасць у прыняцці рашэнняў чыноўнікамі прапісана ў Законе «Пра мясцовае самакіраванне».

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны