Навіны Навіны Руху

Актывіст судзіцца з чыноўнікам за гістарычную спадчыну

Актывіст судзіцца з чыноўнікам за гістарычную спадчыну

2821 прагляд Брэст
Суд Ленінскага раёну Брэста разглядае скаргу мясцовага каардынатара Руху «За Свабоду» Дзяніса Турчаняка на намесніка старшыні гарвыканкаму Вячаслава Хафізава.

Як паведамляе Радыё Свабода, гэты чыноўнік адмовіўся прадставіць актывісту пісьмовыя рашэньні Берасьцейскага гарвыканкаму, зь якіх Турчаняк меркаваў даведацца пра ўласьніка занядбанага дома ў гістарычным цэнтры Берасьця. Напаўразбураны дом № 26 на вуліцы 17 верасьня — гісторыка-культурная каштоўнасьць.

Дзяніс Турчаняк: «Дом пустуе, ён у напаўразбураным стане. Мы бачым, што вываленыя куты, вакон няма. Калі заглянуць усярэдзіну — падлога сарваная, дах цячэ... То бок вось якія гэта адносіны да аб’екта, які дзяржава бярэ пад ахову?».

Турчаняк накіроўваў у гарвыканкам заяву з просьбай аб копіях пэўных рашэньняў, зь якіх актывіст хацеў даведацца пра ўласьніка гэтага дома. Аднак намесьнік старшыні гарвыканкаму Вячаслаў Хафізаў у гэтым яму адмовіў. Турчаняк упэўнены, што чыноўнік парушыў закон аб мясцовым кіраваньні і самакіраваньні, закон аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны і закон аб зваротах грамадзянаў. Таму актывіст накіраваў скаргу ў суд:

«Згодна Канстытуцыі кожны грамадзянін абавязаны берагчы гісторыка-культурныя каштоўнасьці Рэспублікі Беларусь. Зразумела, у мяне ёсьць права на ажыцьцяўленьне нейкіх захадаў дзеля аховы гэтага аб’екта. І я лічу, што такімі дзеяньнямі Хафізаў учыніў прынамсі два адміністрацыйныя правапарушэньні».

Дзяніс Турчаняк праз суд дабіваецца, каб чыноўніка абавязалі выдаць копіі адпаведных рашэньняў гарвыканкаму. Спадар тлумачыць, што ў адпаведнасьці з артыкулам 9.6 Адміністрацыйнага кодэксу незаконная адмова чыноўніка ў прадстаўленьні грамадзяніну дакумэнтаў, якія закранаюць яго правы і інтарэсы, цягне за сабой штраф ад 10 да 30 базавых велічыняў.

Сытуацыю камэнтуе доктар мастацтвазнаўства ў галіне ўрбаністыкі і архітэктуры, дасьледніца гісторыі і архітэктуры Берасьця Ірына Лаўроўская:

«Я лічу, што тое, што робіць Дзяніс, — гэта справа вельмі слушная. Гэта нагадвае змаганьне зь ветракамі, аднак сэнс у гэтым ёсьць. Таму што грамадзянская супольнасьць сёньня — адзіны гарант аховы нашай дзяржаўнасьці, нашай спадчыны. І гэты будынак, і тое, што заяўляе Дзяніс, ён як лякмусавая паперка — паказвае, наколькі адсутнічае ў гэтай дзяржаве закон».

Гістарычны цэнтар Берасьця забудаваны пераважна ў пачатку ХХ стагодзьдзя. Тэрыторыя ад ракі Мухавец да чыгункі і ад вуліцы Леніна да бульвару Касманаўтаў унесеная ў Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў. Ірына Лаўроўская тлумачыць, што разбурэньне занядбанага дома № 26 на вуліцы 17 верасьня прывядзе да парушэньня цэласнасьці архітэктурнага комплексу, які знаходзіцца пад аховай дзяржавы.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны