Навіны Навіны Руху

Мілінкевіч: Ёсць такія кандыдаты, якія памяншаюць рэйтынг апазіцыі

Мілінкевіч: Ёсць такія кандыдаты, якія памяншаюць рэйтынг апазіцыі

4497 Праглядаў Мінск
19 снежня ў Мінску адбыўся круглы стол з удзелам лідараў беларускай апазіцыі, прысвечаны гадавіне прэзідэнцкіх выбараў-2010. На ім аналізавалася ранейшая палітычная сітуацыя і рабіліся прагнозы на будучыню, у тым ліку на выбарчую кампанію ў парламент-2012.

Лідар Руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч параўнаў прэзідэнцкія кампаніі 2001, 2006 і 2010 гадоў. Па яго словах, кожны раз была спроба рэалізаваць сцэнар каляровай рэвалюцыі. На думку Мілінкевіча, на выбарах 2001 года фальсіфікацыі былі не такія вялікія, як потым, страху у грамадстве было меней, чымсьці цяпер. Лідар Руху шкадуе, што адзіным кандыдатам ад апазіцыі замест Уладзіміра Ганчарыка не стаў тады Сямён Домаш: «Ён мог бы сабраць больш людзей».

У 2006 годзе, са словаў Мілінкевіча, рэалізоўваўся сцэнар кіеўскага Майдану, калі быў разлік, што пасля першага дня мірнай Плошчы дэманстрантаў паболее. Ён адзначае, што тыя выбары праходзілі ва ўмовах максімуму эканамічнай стабільнасці і рэпрэсій. Нагадаем, сілавікі заяўлялі, што выхад на Плошчу будзе расцэнены як тэрарызм.

«Улада не адышла, але Плошча прадэманстравала, што шмат людзей, асабліва моладзь, не баяцца, хочуць жыць у свабодзе і незалежнасці. Так, пасля гэтага ў Еўропе ніхто не казаў нам — давайце праз Маскву дэмакратызавацца», — сказаў Аляксандр Мілінкевіч.

Ён заявіў, што ў 2007 годзе зразумеў, што апазіцыі, нават фармальна аб’яднаўшыся, цяжка быць цікавай для грамадства, якое задае пытанне «чаму пры вас жыццё будзе лепш?». Да ўсяго, быў падзел апазіцыі па геапалітычным прынцыпе. Мілінкевіч кажа, што прапаноўваў, каб апазіцыя была прадстаўленая двума блокамі, «якія сябруюць супраць Лукашэнкі, але маюць розныя падыходы да геапалітыкі і розныя ідэалогіі». Па словах лідара Руху «За Свабоду», няўдалай апынулася і спроба падысці да выбараў-2010 з левацэнтрысцкім і правацэнтрысцкім кандыдатамі.

На тыя выбары ён не пайшоў, каб не быць дзясятым па ліку кандыдатам і не змагацца з калегамі.

Апрача таго, зазначыў Мілінкевіч, апазіцыя абавязаная хадзіць на выбары з умовамі: «Вось з такой простай: давайце лічыць галасы разам. Калі нас няма ў выбарчых камісіях, як спосаб -здымаемся, папрацаваўшы інфармацыйна».

«У палітыцы важная не толькі пазіцыя, не толькі план, стратэгія. Галоўнае — вынік. А вынік трагічны: народ прайграў шанц на еўрапейскую інтэграцыю, на цывілізаванае жыццё, улада прайграла, апазіцыя прайграла — Расія на 90% выйграла», — рэзюмаваў палітык.

Што тычыцца парламенцкіх выбараў у наступным годзе, то, па словах Мілінкевіча, Рух «За Свабоду» не будзе складаць канкурэнцыю палітычным партыям.

«Але мы будзем займаць актыўную пазіцыю, — сказаў Аляксандр Мілінкевіч. — Наша пазіцыя: свае рэсурсы мы выкарыстаем на падтрымку тых, хто падзяляе нашыя прынцыповыя погляды. Гэта — дэмакратыя, незалежнасць і еўрапейскі шлях развіцця Беларусі».

Па словах лідара Руху «За Свабоду», трэба рабіць стаўку на якасць кандыдатаў: «Ёсць такія кандыдаты, якія памяншаюць рэйтынг апазіцыі».

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны