Навіны Аналітыка

Алесь Лагвінец пра вынікі выбараў у Польшчы

Алесь Лагвінец пра вынікі выбараў у Польшчы

3217 Праглядаў
У Польшчы 9 кастрычніка прайшлі парлямэнцкія выбары. Паводле папярэдніх дадзеных, яны скончыліся перамогай партыі «Грамадзянская плятформа», лідэр якой — прэм’ер Дональд Туск. Другі вынік — у партыі «Права і справядлівасьць», якую ачольвае Яраслаў Качыньскі. Як вынікі гэтых выбараў адаб’юцца на беларуска-польскіх дачыненьнях? Чаму беларусы ў Польшчы падтрымалі пераважна Яраслава Качыньскага?

Палітоляг, дарадца старшыні Руху «За Свабоду» Алесь Лагвінец цягам апошняга месяца знаходзіцца ў Польшчы і адсочваў барацьбу за парлямэнцкія мандаты непасрэдна на месцы падзеяў. Ён упэўнены, што новы польскі ўрад у дачыненьнях зь Беларусьсю будзе праводзіць тую ж пасьлядоўную палітыку:

«З 2007 году, калі ўрад Дональда Туска прыйшоў да ўлады, ён праяўляў вялікую ўвагу да Беларусі. Ён падтрымаў шматлікія праекты, сярод якіх — стварэньне тэлеканалу „Белсат“, адкрыцьцё незалежных радыё. І апошнія заявы прэм’ера паказваюць, што Беларусь застаецца прыярытэтам для Туска.

Новы ўрад Польшчы, я думаю, будзе працягваць адсочваць сытуацыю ў Беларусі. І будзе падтрымліваць дэмакратычныя зьмены ў нашай краіне. На карысьць гэтага сьведчаць тыя заявы, якія рабіліся апошнім часам, і заангажаванасьць польскага боку. Варшава шчыра жадае, каб Беларусь пачала ўсебакова супрацоўнічаць з Эўразьвязам і наладжваць нармальныя стасункі з усімі сваімі суседзямі».

Той факт, што беларусы пераважна галасавалі за партыю «Парадак і справядлівасьць», Алесь Лагвінец камэнтуе наступным чынам:

«Гэта тлумачыцца тым, што ў сельскіх раёнах партыя „Права і справядлівасьць“ традыцыйна мае даволі істотную падтрымку. І невыпадкова яна паказала грунтоўны вынік і ў гэтай выбарчай кампаніі. І яшчэ можна казаць, што ёсьць пэўны падзел паміж старэйшым і маладзейшым пакаленьнем палякаў падчас галасаваньня». //Радыё «Свабода»

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны