З 19.00 да 20.00 беларусаў запрашаюць мірна прагуляцца па галоўных вуліцах (праспектах) сваіх гарадоў. У Мінску гэта будзе нейкі ўчастак (дакладна стане вядома пазней) на праспекце Незалежнасці.
Pyx.by папрасіў спрагназаваць, ці атрымаецца паспяховым працяг «маўклівых акцый», лідара гомельскай абласной арганізацыі Руху «За Свабоду» Пятра Кузняцова, які браў актыўны ўдзел у летніх акцыях і аналізаваў іх у СМІ:
«Думаю, што працяг „маўклівых акцый“ сутыкнецца з шэрагам аб’ектыўных праблем, якія не былі вырашаныя яшчэ, скажам так, у мінулым сезоне. Па вялікім рахунку, заняпад тады адбыўся не столькі нават з-за рэпрэсій уладаў, колькі таму, што людзі страцілі веру ў поспех кампаніі і ў здольнасці яе арганізатараў. Хадзіць на акцыі стала, прасцей кажучы, бессэнсоўна. Шанец на адраджэнне ёсць толькі пры ўмове, калі падчас першых акцый арганізатарам атрымаецца якраз гэтую самую веру вярнуць. З гэтага пункту гледжання, першыя акцыі пасля „адпачынку“ будуць і самымі цяжкімі, і самымі адказнымі, і самымі вызначальнымі. Але ўсё ў руках ініцыятараў».